Касцёл Св. Анны ў Вільні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Касцёл Св. Анны ў Вільні
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
Крыніца: http://www.maksimbogdanovich.ru/stories/48.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыйдзіце да касцёла Анны,
Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
Іх зарыс стройны ў небе ясна
Ізломам дзіўным устае.

А вастрыя іх так высока,
Так тонка ў вышу неба тнуць:
Што міг — і ўжо, здаецца воку,
Яны ў паветры паплывуць.

Як быццам з грубаю зямлёю
Расстаўся стройны, лёгкі гмах
Івось, чаруючы красою,
Ўступае на блакітны шлях.

Глядзіш, — і ціхнуць сэрца раны,
І забываеш долі глум.
Прыйдзіце да касцёла Анны,
Там знікне горач цяжкіх дум.