Спадчына (1922)/I/Час!..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Свайму Народу Час!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Будзь сьмелым!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Час!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАС!

Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважаць,
Слова цьвёрдае хай скажаць,
Скажаць сам народ!

Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзьнесьць пасад.

Доўга людзі ў дзень блудзілі
Крыўду, сьлёзы, кроў пладзілі,
Ўсё ня ўмелі жыць,—
А сягоньня ўжо ня тое,—
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім сьвяціць.

Ходзіць ходырам сьвет цэлы,
Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы,
Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы
Час браць з вышак, покі росы
Воч ня згрызьлі ў нас.

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі народ, на сход!

30/X—18 г.